Кацярына Медвідзь лічыць, што ведаць беларускую мову і размаўляць на
ёй — не сорамна. Сорамна гэтага не рабіць. У жыцці, сярод сяброў, Кацярына размаўляе на мове не асабліва часта, а вось з бабуляй, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, — заўжды. Дарэчы, менавіта бабуля,
Шкробат Кацярына Дзянісаўна, прывіла дзяўчыне любоў да мовы: спявала калыханкі і народныя песні, распавядала казкі.
У школе Каця з пятага класа пачала ўдзельнічаць у алімпіядах па беларускай мове, а ў восьмым класе вырашыла, што мова — гэта крута, і стала гаварыць на ёй усё часцей і часцей, а пасля стала пісаць на мове, калі пачала наведваць клуб творчасці «Юны журналіст». Аднак, па словах дзяўчыны, у яе жыцці мовы больш у сацсетках, чым у рэальнасці. Чаму ж так?
— Некаторыя сябры не то што акругляюць вочы, калі я пачынаю размаўляць па-беларуску, а хутчэй адмахваюцца, маўляў, не задавайся, — прызнаецца Кацярына. — Але шмат хто з іх мяне падтрымлівае у плане выбару мовы для размовы і з задавальненнем гаворыць на мове. Напрыклад, у Бабруйску
жыве адзін мой вельмі добры сябар,
Мікіта Суботкін, які таксама "за" беларускую мову. Мне вельмі падабаецца, як гучыць наша мова, і ўсё, што з ёй звязана: беларускія арнаменты, сімволіка.
Каця кажа, што спачатку было не тое каб складана, але нязвыкла
перабудоўваць сваю прамову. З часам у яе атрымлівалася ўсё лепш, праўда, пакуль не ідэальна:
— Калі я размаўляю, то могуць праскокваць русізмы, і бабуля мяне заўсёды папраўляе. І гэта выдатна, я лічу, таму што так у мяне выпрацоўваецца і звычка, і правільная беларуская мова. А наогул па-беларуску я кажу даволі бегла.
Каця чытае беларускамоўныя кнігі і беларускіх класікаў — усё, што можа
знайсці ў бабулі або ў бібліятэцы. «Мне нават ўспрымаць сюжэт кнігі лягчэй
на мове, чым на расейскай. Калі руская — больш ўзьнятая, важная, я б сказала, то беларуская — мяккая, меладычная, жыццёвая мова. Мне больш падабаецца прастата беларускай мовы», — кажа дзяўчына. Чаму ж тады выбраныя гавораць па-беларуску? Няўжо мова так непрыгожа гучыць ці казаць на ёй некамільфо? Мая юная суразмоўца ўпэўненая ў тым, што неабходна павышаць узровень уласнай культуры. Каб павышаць свой узровень валодання мовай, Каця робіць свае ўласныя праекты на мове. Напрыклад, вядзе падкаст Bulbashka на мове (слухай падкаст
тут).